Год пратэстаў у Беларусі
Ад жніўня да жніўня – як прайшоў гэты год супрацьстаяння грамадзянскай супольнасці і аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі? Мы ўзгадваем асноўныя вехі і кульмінацыйныя моманты.
Жнівень 2020
9 жніўня – дзень, пасля якога жыццё мільёнаў беларусаў назаўжды падзялілася на «да» і «пасля». Выбары прэзідэнта Беларусі, падчас якіх Аляксандру Лукашэнку супрацьстаяла кандыдатка аб’яднанай апазыцыі Святлана Ціханоўская, суправаджаліся маштабнымі фальсіфікацыямі і падтасоўкамі. Гэта прывяло да масавых дэманстрацыяў пратэсту па ўсёй краіне з тысячамі затрыманых і пацярпелых. Пяць чалавек загінулі. Святлана Ціханоўская была вымушаная пакінуць краіну і працягваць палітычную дзейнасць з Літвы. Нягледзячы на рэпрэсіі, дзясяткі і сотні тысяч мірных дэманстрантаў працягнулі выходзіць на штодзённыя акцыі пратэсту і нядзельныя маршы. Па дзяржпрадпрыемствах пракацілася хваля забастовак з патрабаваннямі спыніць збіццё і катаванні, прыцягнуць вінаватых да адказнасці і прызначыць новыя выбары.
Верасень 2020
Да мірных пратэстаў далучыліся студэнты найбуйнейшых універсітэтаў. Акрамя маштабных нядзельных маршаў, беларускія жанчыны працягнулі арганізоўваць маляўнічыя суботнія шпацыры. Апазіцыйную лідэрку Марыю Калеснікаву паспрабавалі сілком выправадзіць з Беларусі, але яна парвала свой пашпарт і адмовілася перасякаць мяжу. Улады разгарнулі лютую барацьбу з бел-чырвона-белай сімволікай і дваровымі святамі. У канцы верасня Лукашэнка правёў таемную цырымонію інаўгурацыі, якая не была прызнана дэмакратычнымі краінамі.
Кастрычнік 2020
Краіны ЕС унеслі дзясяткі беларускіх функцыянераў у санкцыйныя спісы і адклікалі сваіх паслоў у Мінску для кансультацый. Лукашэнка сустрэўся з палітвязнямі ў СІЗА КДБ, але не вызваліў сваіх галоўных апанентаў. Святлана Ціханоўская абвясціла Народны Ультыматум. Праз тое, што ўлады не выканалі яго ўмовы, 26 кастрычніка па краіне прайшла чарговая хваля забастовак. Штотыднёвыя нядзельныя маршы працягнуліся, нягледзячы на брутальныя дзеянні сілавікоў. Да іх дадаліся акцыі пенсіянераў і людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі. Былы міністр культуры Павел Латушка ініцыяваў стварэнне Народнага Антыкрызіснага Упраўлення ў Варшаве.
Лістапад 2020
У лістападзе пратэсты і рэпрэсіі ў Беларусі працягнуліся: з часу фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня былі затрыманыя каля 26 000 чалавек. Былі арыштаваныя, збітыя ці падвергліся пераследам 393 журналісты. Актывіст Раман Бандарэнка, які не даваў знішчыць бел-чырвона-белую сімволіку на Плошчы Пераменаў, быў жорстка збіты і памёр ад атрыманых траўмаў. Міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі значна ўзмацніўся: Еўрасаюз увёў другі пакет санкцый, ААН заклікала да правядзення незалежнага расследавання гвалту ў адносінах да дэманстрантаў, АБСЕ апублікавала жорсткі даклад, патрабуючы правядзення новых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Снежань 2020
Цэнтралізаваныя маршы сталі саступаць месца лакальным акцыям пратэсту. Святлана Ціханоўская абвясціла пра запуск платформы «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» для збору сведчанняў пра катаванні і збіццё. Самае папулярнае выданне Беларусі TUT.BY было пазбаўлена статусу СМІ. 42 дзяржавы на сесіі Савета па правах чалавека асудзілі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да незалежнай прэсы і заклікалі да выканання рэкамендацый дакладу АБСЕ. Краіны Еўрасаюза пашырылі санкцыі, дадаўшы ў чорны спіс 29 фізічных і 7 юрыдычных асоб.
Студзень 2021
Ініцыятыва BYPOL апублікавала аўдыёзапіс размовы начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова з падначаленымі ўвосень 2020 года, у якім ён распавядаў пра выдадзеныя яму Аляксандрам Лукашэнкам паўнамоцтвы па жорсткім падаўленні пратэстаў і карт-бланш на ўжыванне агнястрэльнай зброі. Дзякуючы актыўнаму ціску беларускай дыяспары на фоне масавых парушэньняў правоў чалавека Беларусь пазбавілі права правесці чэмпіянат свету па хакеі – нягледзячы на сардэчную сустрэчу Лукашэнкі з прэзідэнтам МФХ Рэнэ Фазелем.
Люты 2021
Роўна праз паўгода пасля пачатку пратэстаў аб’яднаныя дэмакратычныя сілы за мяжой абвясцілі адкрытую стратэгію перамогі і акрэслілі шлях да перамоваў. Але ўнутры Беларусі рэпрэсіі незалежных СМІ і апазіцыйных актывістаў атрымалі працяг з новай сілай. У прыватнасці, журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі асуджаныя на два гады пазбаўлення волі толькі за прамы эфір з пратэсту ў лістападзе 2020 года. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадставіла свой даклад аб катастрафічнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Сакавік 2021
Святлана Ціханоўская абвясціла агульнанацыянальнае анлайн-галасаванне пра перамовы паміж уладай і апазіцыяй для мірнага выхаду з крызісу, у якім прынялі ўдзел больш за 770 тысяч чалавек. Праціўнікі Лукашэнка таксама заклікалі да аднаўлення пратэстных акцый 25 сакавіка, на Дзень Волі. З прычыны велізарнай рызыкі для пратэстуючых масавасці акцый унутры краіны дамагчыся не ўдалося. Аднак актывісты, палітыкі і журналісты па ўсім свеце ўзялі ўдзел у акцыях салідарнасці з народам Беларусі.
Красавік 2021
У Беларусі ўпершыню распачалі крымінальную справу аб спробе дзяржаўнага перавароту: шэраг апазіцыянераў нібыта рыхтавалі забойства Лукашэнкі. Эксперты назвалі ўяўную змову правакацыяй спецслужбаў. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЭ) заклікала еўрапейскія дзяржавы выкарыстаць прынцып універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. ЗША абвясцілі, што размарозяць санкцыі супраць дзевяці дзяржаўных прадпрыемстваў, цесна звязаных з рэжымам.
Травень 2021
Улады Беларусі развязалі найбуйнейшы міжнародны скандал, прымусіўшы рэйс «Ryanair» з Афін у Вільнюс змяніць маршрут і здзейсніць экстранную пасадку ў Мінску. У самалёце знаходзіліся журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега, якія былі арыштаваныя па прызямленні. Шэраг заходніх палітыкаў назваў гэты інцыдэнт актам дзяржаўнага тэрарызму. Удзельнікі саміту ЕС прынялі рашэнне пра забарону на палёты для беларускіх авіякампаній, а таксама рэкамендавалі еўрапейскім перавозчыкам не лятаць над паветранай прасторай Беларусі. 51-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак, які не меў праблем са здароўем, нечакана памёр у калоніі.
Чэрвень 2021
Эксперты ААН назвалі Беларусь «чорнай дзіркай» для свабоды прэсы. Палітвязень Раман Пратасевіч нібыта добраахвотна даў інтэрв’ю на дзяржаўнага тэлебачання, у якім «прызнаў» віну ў арганізацыі масавых беспарадкаў і раскрытыкаваў прадстаўнікоў апазіцыі. Еўрасаюз упершыню зацвердзіў сектаральныя санкцыі супраць Рэспублікі Беларусь у сувязі з рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair». Пасля пагроз Аляксандра Лукашэнкі паслабіць кантроль за нелегальнай міграцыяй з-за санкцый ЕС на заходніх граніцах Беларусі, асабліва на мяжы з Літвой, шматкроць павялічыўся паток мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі.
Ліпень 2021
Аперацыя па зачыстцы грамадзянскай супольнасці, распачатая пасля маштабнага прыгнёту незалежных СМІ, прывяла да закрыцця дзясяткаў няўрадавых арганізацый. Было праведзена больш за 200 ператрусаў у офісах і кватэрах актывістаў і журналістаў. Святлана Ціханоўская правяла двухтыднёвы візіт у ЗША і сустрэлася з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Парламент Літвы прызнаў дзеянні беларускіх уладаў па арганізацыі ўсё большых патокаў мігрантаў «гібрыднай агрэсіяй». Колькасць палітвязняў у Беларусі ўпершыню перавысіла 600 чалавек.
Пры падрыхтоўцы публікацыі былі выкарыстаныя матэрыялы ifex.org, hrw.org, un.org, spring96.org, belarusdaily.org.