ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, які пашырае санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінску. Санкцыі ЗША закранулі 23 фізічныя і 21 юрыдычную асобу. У санкцыйны спіс патрапіў «Беларуськалій», а таксамі кампаніі тытунёвай, будаўнічай, энергетычнай і транспартнай галін. У спісе знаходзіцца і Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які абвінавачваецца ў садзейнічанні адмыванню грошай, уцёках ад санкцый і ад забароны на выдачу віз.
Вялікабрытанія прыняла пакет гандлёвых, фінансавых і авіяцыйных санкцый. Лондан уводзіць гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, трансферу тэхналогій, тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў тытунёвай прамысловасці, тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, якія могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсій. Фінансавыя захады забараняюць куплю каштоўных папер і іншых інструментаў фінансавага рынку, а таксама ўзычэнне крэдытаў Беларусі і дзяржбанкам. Сёння ж Вялікабрытанія заявіла аб далейшым узмацненні дзеючага эмбарга на продаж зброі, а таксама аб уключэнні ў санкцыйны спіс расійскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцырыева.
Канада ўвяла санкцыі супраць уладаў Беларусі ў адказ на «працяг грубых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі». Абмежавальныя меры датычаць галоўных галін беларускай эканомікі – калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Акрамя таго, Канада зводзіць да мінімуму доступ да міжнародных фінансаў для беларускіх дзяржарганізацый. Гэта значыць, што ім забараняецца размяшчаць каштоўныя паперы і карыстацца іншымі сродкамі фінансавага рынку, зачыняецца доступ да даўгавога фінансавання, страхавання і перастрахавання. Санкцыі Канады тычацца 72 беларускіх службовых і 5 юрыдычных асобаў. Адначасова ўлады краіны заявілі пра вылучэнне больш за 3 мільёны даляраў на падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.