Зяленскі: “Чаму Расія мусіць вырашаць, як маюць жыць людзі ў Беларусі?”
Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв’ю El Pais, што “Расія не з’яўляецца суб’ектам цывілізаванага свету, гэта тэрарыстычная арганізацыя” і выказаў асцярогу, што Беларусь можа спасцігнуць лёс Украіны:
Вайна пачалася праз тое, што Расія не прызнавала нас незалежнай краінай, еўрапейскай краінай. Тое самае адбудзецца і ў Беларусі, дзе народ таксама хоча быць незалежным. Чаму Расія мусіць вырашаць, як маюць жыць людзі ў Беларусі? Не кожнай краіне даводзіцца праходзіць праз тыя пакуты, якія мы перажываем, бо з Расіяй будзе нялёгка і Беларусі, і Малдове, і Грузіі.
Зяленскі заклікаў лідэраў Еўрапейскага саюза праявіць смеласць і не зацягваць працэс інтэграцыі Украіны: “Я не хачу гаварыць раней ці пазней, бо думаю, што ўжо позна”.
Тое, што Зяленскі выказаўся пра Беларусь і паставіў яе ў адзін шэраг з дэмакратычнымі Грузіяй і Малдовай, асабліва сімвалічна, улічваючы, што ён да гэтага часу не адказаў, прынамсі публічна, на прапанову Святланы Ціханоўскай супрацоўнічаць з дэмакратычнай Беларуссю.