Жыхар Рэчыцы памёр пасля затрымання міліцыяй
27-гадовы жыхар Рэчыцы Зміцер Усхопаў памёр у навагоднюю ноч у прыёмным аддзяленні лякарні, куды яго прывезлі з міліцыі, піша «Палеская Вясна». 4 студзеня стала вядома, што былі затрыманыя сябры загінулага.
Паводле праваабаронцаў, Змітра Усхопава затрымаў на аўтобусным прыпынку міліцэйскі патруль, мужчына аказаў супраціўленне міліцыянтам, і яго звезлі. Сваякі загінулага, якія ўбачылі цела Усхопава, заявілі, што яго вопратка была разарваная і аж да ніжняй бялізны набрузла вадой, на скроні была бачная круглая рана дыяметрам у 1,5 сантыметра, а прыдалонні былі сіняга колеру.
Паводле беларускіх сілавых структур, у Усхопава было выяўлена моцнае алкагольнае атручэнне і прысутнасць наркотыкаў у мачы, а яго смерць не мела траўматычнага характару. Сілавікі заяўляюць, што мужчына па дарозе адчуў сябе блага, яго адвезлі ў шпіталь, але медыкі не змаглі яго выратаваць. Сваякі Усхопава не вераць у гэта і гавораць, што хлопца моцна збілі ў міліцыі.
Увечары 3 студзеня траіх сяброў загінулага затрымалі. Следчы камітэт сцвярджае, нібыта яны маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў.
Пасля Змітра Усхопава засталася пяцігадовая дачка.