За Пратасевічам у Грэцыі сачылі спецслужбы
Прадстаўнікі грэчаскай выведкі паведамілі мясцовым СМІ, што мінімум тры невядомыя чалавекі сачылі за Пратасевічам ў Афінах з моманту яго прыбыцця на эканамічную канферэнцыю 9 траўня. Пасля канферэнцыі, 16 траўня, Пратасевіч выправіўся ў адпачынак на Крыт са сваёй сяброўкай, дзе яны таксама знаходзіліся пад наглядам, верагодна, агентаў беларускіх ці расейскіх спецслужбаў.
Па словах прадстаўніка МУС Грэцыі, у выніку аналізу запісаў камер відэаназірання «з гатэляў, з Крыта і з аэрапорта», стала ясна, што за імі сачылі работнікі спецслужбаў з расійскімі пашпартамі. «Мы лічым, што гэтыя людзі дзейнічалі ад імя Беларусі і дапамаглі высветліць, што Пратасевіч знаходзіўся на борце самалёта, калі ён пралятаў над Беларуссю», – дадаў ён.
Грэчаскія спецслужбы абураныя, яны лічаць гэтую аперацыю парушэннем неафіцыйных правілаў. МУС краіны праводзіць уласнае расследаванне, якое можа стаць часткай агульнага еўрапейскага адказу на пасадку самалёта Ryanair.