За кастрычнік у Беларусі стала амаль утрая больш “экстрэмістаў”
Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе, што крызіс правоў чалавека ў Беларусі працягвае паглыбляцца. За кастрычнік у краіне былі прызнанымі палітвязнямі яшчэ 72 чалавекі, а спіс нібыта “датычных да экстрэмізму“ вырас з 573 да 1469 чалавек.
18 кастрычніка быў роўна год, як рэжым прызнаў першае “экстрэмісцкае фармаванне”. Заканадаўства трактуе экстрэмізм шырока і недакладна, і ўлады цынічна эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам для апраўдання рэпрэсій у дачыненні да пратэстуючых і іншадумцаў. Толькі за 28 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “экстрэмістамі” адразу 625 чалавек. Прычым толькі 12 чалавек з унесеных у спіс у кастрычніку маюць прысуд па артыкулах, якія змяшчаюць паняцце “экстрэмізм”. Спіс матэрыялаў, якія рэжым лічыць “экстрэмісцкімі”, у кастрычніку папоўнілі кніга гісторыка Уладзіміра Арлова “Айчына: Маляўнiчая гiсторыя”, беларускі пераклад дзіцячай кнігі Нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага “Балада пра маленькі буксір”, шэраг каналаў у Telegram і YouTube.
Працягваюцца суды над людзьмі, якія выказалі пратэст супраць вайны і «абразілі» прадстаўнікоў улады ці асабіста Лукашэнку. Таксама суды працягваюць выносіць прысуды за ўдзел у мірных пратэстах у жніўні 2020 года. За месяц 34 чалавекі асуджаныя нібыта за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак», гэта значыць за ўдзел у мірных сходах. Абвінавачаныя не здзяйснялі падпалаў і пагромаў, не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам — у іх дзеяннях няма складу злачынства, у якім іх абвінавачваюць. У той жа час, праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, якія застаюцца беспакаранымі.