За кратамі памёр палітвязень Ігар Леднік

Як паведамляе “Вясна”, на 64-м годзе жыцця памёр яшчэ адзін палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі.
У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова.
Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за “паклёп на Лукашэнку” за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”. Згодна з матэрыяламі справы, у ім ўтрымліваліся “загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва”.
У Беластоку, Варшаве і Кракаве адбыліся пікеты, прысвечаныя памяці грамадскага дзеяча і актывіста Ігара Ледніка.





Гэта пяты палітзняволены ў Беларусі, які памёр у зняволенні.

Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка.
На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу.
Потым памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы.


Некалькі месяцаў апасля ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
У студзені гэтага года ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. Паводле інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, Вадзім хварэў у зняволенні. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
