Вынікі візіту Ціханоўскай у Славенію: рэжыму санкцыі, а Беларусі дапамога
Падчас свайго візіту ў Славенію Святлана Ціханоўская па запрашэнні славенскага ўрада ўзяла ўдзел у стратэгічным форуме ў Бледзе. Там яна правяла шэраг сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі і экспертамі: славенскім прэм’ер-міністрам Янезам Яншам і кіраўніком МЗС Анже Логарам, албанскімі прэм’ер-міністрам Эдзі Рамам і кіраўніцай МЗС Ольтай Джачкай, міністрам замежных спраў Румыніі Багданам Аурэску, міністрам замежных спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманамі і іншымі.
Ціханоўская заклікала Еўрасаюз запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху на саміт Усходняга партнёрства і перанакіраваць праграмы супрацоўніцтва на няўрадавыя арганізацыі.
На сустрэчах з прадстаўнікамі Еўрапейскай Рады, а таксама міністрамі замежных спраў шэрагу краін ЕС Ціханоўская звярнула ўвагу, што кампаніі і «гаманцы» рэжыму спрабуюць абысці сектаральныя санкцыі праз шэраг шчылін. Беларуская лідэрка адзначыла, што намёкі рэжыму на вызваленне палітвязняў паказваюць эфектыўнасць санкцый, таму важна працягваць ціск, увесці пяты пакет санкцый ЕС і ўключыць туды шэраг чыноўнікаў, сілавікоў, суддзяў і пракурораў, а таксама кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам.
На сустрэчы з еўракамісарам Оліверам Варгеліем Ціханоўская заклікала ЕС запусціць праграму дапамогі для журналістаў і незалежных медыя, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, каб ЕС перанакіраваў сродкі, якія ішлі на дзяржаўныя праекты, на падтрымку грамадскіх і адукацыйных праграм.