«Вы за ўсё адкажаце!» – 5 гадоў калоніі валанцёрам выбарчага штаба В.Бабарыкі

Валанцёры штаба экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, палітвязні Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька, сёння атрымалі па пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, на падставе закупу імі некалькіх дзесяткаў лазерных указак і двух слясарных малаткоў.
Пры затрыманні ўдома 12 жніўня 2020 года аднаго з асуджаных, Ігара Ярмолава, супрацоўнікі міліцыі зламалі яму рэбры, у яго быў дыягнаставаны пнеўматоракс, страсенне галаўнога мозгу, шматлікія садны грудной клеткі і галавы. Пасля гэтага ён правёў тыдзень у шпіталі МУС. Пасля прысуду Ярмолаў крыкнуў: «Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!» – і прачытаў у клетцы ўрывак з верша вядомага беларускага паэта Ў.Караткевіча «Паўлюк Багрым» з заклікам да свабоды.