«Вясна» атрымала прэмію Albie Awards 2022 за абарону дэмакратыі
Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў прэмію Albie Awards 2022 ад фонду Clooney Foundation for Justice у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі». Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку. Арганізатары нагадалі, што праваабарончы цэнтр «быў голасам супраціву ў Беларусі цягам амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму Лукашэнкі».
Прэмію прымала Аліна Стэфановіч, жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. У сваім выступе яна зачытала ліст ад мужа. Валянцін падкрэслівае: «Нажаль, і ў XXI стагоддзі беларусы вымушаныя змагацца за, здавалася б, такую простую рэч — дэмакратыю. Цяпер, калі аўтакратыі Расіі і Беларусі імкнуцца вярнуцца да звыклага ім двухпалярнага свету і навязаць іншым народам сваю «асаблівую цывілізацыю», нават шляхам развязвання войнаў, праца праваабаронцаў набывае асаблівае значэнне, бо правы чалавека — гэта культура міру, а не вайны».
Нагадаем, што сем супрацоўнікаў «Вясны» знаходзяцца ў турме па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Тым не менш, арганізацыя працягвае сваю дзейнасць з Вільні.