“Вершы з-за кратаў” — новы праект у падтрымку беларускіх палітзняволеных
Сайт “Вершы з-за кратаў” запусцілі ініцыятыва “Вольныя паштоўкі” і Народная амбасада Беларусі ў Бразыліі. Там яны збіраюць вершы, напісаныя беларускімі палітвязнямі ў турме, іх пераклады на розныя мовы і расказваюць гісторыі іх аўтараў.
Вершы і біяграфіі 30 аўтараў і аўтарак ужо можна прачытаць на сайце на трох мовах: беларускай, англійскай і партугальскай. Хутка плануюць дадаць іншыя мовы і яшчэ больш паэзіі. Сярод аўтараў — і тыя, хто выпускаў зборнікі да зняволення, і тыя, хто пачаў пісаць вершы ўжо ў турме. Многія з іх ужо добра знаёмыя нашым чытачам: журналісты Андрэй Аляксандраў, Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, юрыст Максім Знак, праваабаронца Марфа Рабкова, актывістка Ксенія Сырамалот, блогер Сяргей Ціханоўскі і іншыя. На іх старонках на сайце можна адправіць ім ліст або паштоўку анлайн.
З дапамогай праекту ягоныя ініцыятары хочуць прыцягнуць больш увагі да праблемаў рэпрэсаваных беларусаў і беларусак і сабраць сродкі на пераводы і пераадачы палітзняволеным. Збор праходзіць праз платформу BYSOL, і ўсе ахвяраванні перанакіроўваюцца ў ініцыятыву Dissidentby, якая займаецца дапамогай палітвязням і іхнім сем’ям. У абмен на данат можна атрымаць паштоўкі ці мерч. У Беларусі цяпер не менш за 1463 палітзняволеных, з якіх больш за 80 — дзеячы культуры.