Ва Украіне затрымалі былога палітвязня з Беларусі
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», ва Украіне затрымалі былога палітвязня з Беларусі з мэтай дэпартаваць яго з краіны.
Першы раз актывіст анархісцкага руху Іван Красоўскі быў затрыманы на радзіме ў жніўні 2020 году. Ён быў моцна збіты сілавікамі, патрапіў у лякарню і на працягу прыкладна двух тыдняў мусіў перамяшчацца ў інвалідным вазку.
У лютым 2021 года яго зноў затрымалі і асудзілі на 3 гады «хіміі», абвінаваціўшы ў парушэнні грамадскага парадку і блакіроўцы грамадскага транспарту. Але на судзе стала вядома, што тэлефон Івана праслухоўваўся, і прычынай затрымання з’явіліся ягоныя размовы з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Хлопца вызвалілі ў зале суда для наступнага накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, але ён здолеў выехаць з Беларусі.
На статус уцекача ва Украіне Іван падаваўся яшчэ да вайны, але яму адмовілі. Цяпер малады чалавек знаходзіцца на волі, на яго склалі пратакол. Іван мае 10 дзён, каб падаць апеляцыю на рашэнне аб дэпартацыі.