У Вільні прайшла канферэнцыя беларусаў свету
У Вільні завяршылася двухдзённая канферэнцыя беларусаў свету. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі больш за 27 краін і 40 арганізацый. Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Каардынацыйная рада, палітыкі і ініцыятывы дэмакратычных сіл абмяркоўвалі з дыяспарай праекты і каардынацыю дзеянняў.
У сваім выступе на адкрыцці канферэнцыі палітычная лідэрка Святлана Ціханоўская падзякавала прадстаўнікам дыяспары за ўдзел, а таксама адзначыла, што ў тых, хто цяпер застаецца ў Беларусі, вельмі абмежаваныя рэсурсы для дзейнасці: «У параўнанні з беларусамі на радзіме мы можам дзейнічаць больш адкрыта. Менавіта беларусы замежжа правялі экзітполы і сотні акцый салідарнасці. Вы ўтрымліваеце цікавасць СМІ да беларускага пытання і фінансава дапамагаеце беларусам ўнутры краіны і ініцыятывам. Вы стасуецеся з палітыкамі. Літаральна ў кожнай краіне кіраўніцтва ведае, што ёсць беларуская дыяспара, і супрацоўнічае з вамі».
Ціханоўская сказала, што была радая пазнаёміцца з такой вялікай колькасцю актыўных людзей, якія пасля сваёй асноўнай працы прыходзяць дадому і, як у другую змену, працягваюць сваю справу для вызвалення краіны: «Я ганаруся тым, што стала сведкай гістарычнага моманту, калі ўсё памянялася, калі мы памяняліся і сталі адчуваць сябе часткай адзінага народа».
Як паведамляе Офіс Ціханоўскай, дзеянні і праекты накіраваныя на тры галоўныя для дыяспары мэты:
- павелічэнне дапамогі беларусам унутры краіны;
- ўзмацненне эканамічнага ціску на рэжым;
- падтрымка Беларусі ў міжнародным парадку дня.
Сярод абмеркаваных ініцыятыў – медыцынская дапамога і рэабілітацыя для пацярпелых, збор сродкаў сем’ям палітвязняў і ініцыятывам у Беларусі, дапамога рэлакантам, запуск беларускіх школ і медыя, стварэнне хабаў для СМІ, праца над праектам народнай Канстытуцыі, лабіраванне бязвізу, кампаніі эканамічнага ціску на рэжым, палітычная праца з урадамі розных краін для дапамогі Беларусі, праца з міжнароднай прэсай, дапамога праектам па ўніверсальнай юрысдыкцыі, праграмы для дзяцей палітвязняў накшталт чарнобыльскіх.
Франак Вячорка выказаў надзею, што наступная канферэнцыя адбудзецца ўжо ў Менску: «Спадзяюся, што ў бліжэйшы час дыктатура падзе. Беларусь стане на шлях рэформаў, і мы зможам сабраць такую канферэнцыю, толькі большую ў 20 разоў, дзе-небудзь у цэнтры Мінску».
Кіраўнік НАУ Павел Латушка падкрэсліў, што ўсе беларусы аб’яднаныя ў галоўным, чаго чакае і прагне большасьць беларусаў: «Першае – вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Другое – прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах супраць беларускага народу. Трэцяе – правядзенне як мага хутчэй новых, дэмакратычных выбараў прэзыдэнта Беларусі. Для дасягнення гэтых мэтаў нам патрэбныя моцныя структуры і каманды. Беларусы замежжа ўжо больш за год з’яўляецца адной з самых уплывовых сілаў, якая вядзе бескампрамісную барацьбу з рэжымам і ёсць для нас рэальнай сілай».