У ЦІП на Акрэсціна палітвязні знаходзяцца ў нечалавечых умовах
Ўмовы ўтрымання «палітычных» зняволеных на Акрэсціна ў ліпені-жніўні 2021 года не палепшыліся.
Камеры на Акрэсціна да гэтага часу перапоўненыя: у двухмясцовых камерах ўтрымліваюцца па 9–15 чалавек, у чатырохмясцовых – па 18–20. Зняволеныя спяць на халоднай падлозе, але і месца на падлозе вельмі абмежаванае, таму не ўсім нават удаецца выпрастаць ногі.
У камерах для «палітычных» па ранейшаму няма ні матрацаў, ні падушак, ні пасцельнай бялізны. На металічных ложках ні сядзець, ні ляжаць немагчыма, на целе ад рэек застаюцца сінякі. Святло ў камеры гарыць і ўночы, а замест будзільнікаў затрыманых будзяць гучнай музыкай.
З асабістых рэчаў затрыманым практычна нічога не аддаюць. У іх забіраюць наяўныя грошы ў кошт аплаты за харчаванне. У дзень арышту затрыманых не кормяць.
У ліпені, падчас моцнай спёкі ў камерах людзі гублялі прытомнасць, на іх гніло адзенне ад вільгаці. На шпацыр палітвязняў не выводзяць.
Для мужчын умовы ўтрымання на Акрэсціна яшчэ горшыя, некаторых працягваюць зьбіваць супрацоўнікі ЦІП.
Супрацоўнікі Акрэсціна праводзяць праверкі ў «палітычных» 4–5 разоў на дзень: два ці тры разы ўдзень і двойчы ўночы, могуць вывярнуць смецце з вядра на рэчы арыштаваных. Па некаторых камерах бегаюць прусакі, але гэтую праблему супрацоўнікі проста ігнаруюць.
Горш за ўсё на Акрэсціна з медыцынскай дапамогай. Медперсанал часта забываецца на затрыманых з хранічнымі захворваннямі, таму ім не аддаюць неабходныя медыкаменты.
Нягледзячы на тое, што ў судах дзейнічаюць абмежаванні з-за COVID-19, на Акрэсціна затрыманых з сімптомамі, але без высокай тэмпературы нават не ізалююць у асобныя камеры. Людзей з высокай тэмпературай ізалююць у карцэр.
Сродкі жаночай гігіены і туалетную паперу арыштаваныя атрымліваюць нерэгулярна – даводзіцца літаральна выпрошваць некалькі дзён запар.
Многія затрыманыя на «соднях» адмаўляюцца ад прыёму ежы праз нізкую якасць прадуктаў. А адзіная даступная вада – з крана са смакам хлёркі.