У Мінску на спаборніцтвах па трыятлоне затрымалі траіх чалавек

Прычынай затрымання, паводле міліцыі, стала тое, што спартоўцы «дэманстратыўна выкрыквалі лозунгі пратэстнага кшталту». Як пазней высветлілася, некалькі людзей каталіся па веладарожцы з дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сцягамі, у іх бок адзін з трыятланістаў выгукнуў: «Жыве Беларусь!», другі паказаў ім павернуты ўніз вялікі палец, а трэці крыкнуў: «Жыве!».
Пазней у сеціве з’явілася відэа, на якім затрыманыя трыятланісты на фоне чырвона-зялёнага сцяга просяць прабачэння за свае ўчынкі.
Алімпійская чэмпіёнка і кіраўніца Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды затрыманняў на Мінскім трыятлоне, пракаментаваўшы: «Беззаконне сілавікоў не прызнае ніякіх аўтарытэтаў, ніводнаму ўдзельніку, спартоўцу, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў не можа быць гарантаваная бяспека і недатыкальнасць».