У Латвіі распачалі крымінальную справу праз пасадку ў Мінску самалёта Ryanair

Паліцыя Латвіі ўзбудзіла крымінальную справу праз пасадку самалёта Ryanair у Беларусі ў траўні, паколькі на борце знаходзіліся двое грамадзян Латвіі, паведамляе латвійскае інфармагенцтва LETA.
Справа ўзбуджаная па артыкуле аб злачынных дзеяннях супраць свабоды, гонару і годнасці асобы.
23 траўня 2021 году авіялайнер Boeing 737-8AS ірландскай авіякампаніі Ryanair выконваў міжнародны рэгулярны пасажырскі рэйс па маршруце Афіны – Вільнюс, але быў прымусова пасаджаны ў Мінску. Пасля пасадкі беларускія сілавікі затрымалі двух пасажыраў рэйса: апазіцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўку, грамадзянку Расіі Соф’ю Сапегу.