У Еўрапарламенце абмяркуюць рэпрэсіі супраць СМІ ў Беларусі
Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламента, 12 ліпеня адбудзецца абмеркаванне сітуацыі з незалежнай прэсай і мераў па падтрымцы журналістаў у святле масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі. У сустрэчы возьмуць удзел спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях абароны права на свабоду меркаванняў Айрын Кхан, прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейру, адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Антуан Бернар, а таксама прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта будзе ўжо другое паседжанне платформы па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі.
На парадку дня таксама заяўлена абмеркаванне міграцыйнага ціску на літоўскай мяжы з Беларуссю. Нагадаем, што за апошнія некалькі тыдняў паток мігрантаў шматкроць узмацніўся.