У Беларусі затрымліваюць сваякоў палітвязняў
Алена Церашкова была затрымана сілавікамі разам са сваім мужам Андрэем 27 жніўня 2021 года. Пасля затрымання іх адвезлі ў Фрунзенскі РУУС і судзілі па скайпе. Алена Церашкова за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве атрымала штраф каля 1200 долараў ЗША. Андрэя арыштавалі на 15 сутак.
У Церашковых чацвёра дзяцей. Пакуль бацькоў трымалі ў міліцыі і судзілі, дзеці заставаліся з бабуляй, якая апынулася ў цяжкім псіхалагічным стане ад усяго таго, што адбылося.
Алена Церашкова – сястра палітвязня Максіма Вінярскага, актывіста «Еўрапейскай Беларусі», асуджанага летам разам з Паўлам Севярынцам і іншымі палітычнымі і грамадскімі актывістамі на доўгія тэрміны калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках і іх арганізацыю.