У Беларусі затрыманыя 7 чалавек за фота- і відэаздымку расейскай вайсковай тэхнікі
У Гомельскай вобласці заведзена сем крымінальных спраў за перадаванне «экстрэмісцкім» Telegram-каналам фота- і відэаматэрыялаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб перасоўваннях расейскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі. Супраць людзей, якія перадалі матэрыялы Telegram-каналам, заведзены крымінальныя справы. Іх абвінавачваюць у «спамозе экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле гэтага артыкула ім пагражае да 6 год пазбаўлення волі.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», затрыманы дыджытал-мастак Віктар Кулінка. Згодна з афіцыйнымі паведмленнямі, ён выслаў фота калоны расейскай вайсковай тэхнікі ў бот Telegram-канала «Беларускі гаюн», які ў сакавіку быў прызнаны экстрэмісцкім. На праўладных Telegram-каналах з’явілася «пакаяннае» відэа з Віктарам.
У Мазыры за перасыланне відэа з пралётам расейскіх гелікоптэраў «ангажаванаму дэструктыўнаму рэсурсу» была затрыманая 28-гадовая маці непаўналетняга дзіцяці. Хутчэй за ўсё размова ідзе пра Ганну Пышнік, якую затрымалі за адпраўку відэа на канал NEXTA.
5 красавіка на лецішчы была затрыманая былая настаўніца з Хойнікаў Ірына Абдукерына, нібыта за перасылку відэа з калонай расейскай вайсковай тэхнікі. У Інтэрнэце таксама з’явілася «пакаяннае» відэа з Ірынай. Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.
1 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 43-гадовага жыхара Гомеля Алега Барадзіна. Падставай для затрымання таксама стала перадаванне відэа з рухам расейскай вайсковай тэхнікі экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу. На праўладных Telegram-каналах апублікавана «пакаяннае» відэа з Барадзіным.
У крымінальнай справе фігуруюць яшчэ тры абвінаванчаныя, адзін з іх непаўналетні. Іх імёны і месцазнаходжанне пакуль невядомыя.