У Беларусі вынесены прысуд студэнту-медыку
12 лістапада 2021 года 21-гадовы студэнт медуніверсітэта Уладзіслаў Марціновіч быў асуджаны на чатыры гады зняволення па абвінавачанні ў адміністраванні тэлеграм-канала «Белыя халаты». Ён быў прызнаны вінаватым у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Паводле версіі абвінавачання, распаўсюджванне матэрыялаў на тэлеграм-канале было нібыта накіравана на «дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму». Да суда палітвязень правёў амаль год у СІЗА-1 у Менску.
Падчас апошняга слова Марціновіч падзяліўся сваімі планамі на будучыню. Незалежна ад прысуду, ён хоча скончыць універсітэт, нарэшце стаць лекарам і лячыць людзей, працягнуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю, развіваць лічбавую медыцыну і электронную ахову здароўя. Ён сказаў: «Я стаўлю сваёй мэтай тое, каб наша цывілізацыя паспяхова дасягнула прагрэсу ў маральным, тэхналагічным і інтэлектуальным развіцці».