У Беларусі працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі
Настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Андрэя Пятроўскага асудзілі на паўтара года калоніі за тое, што на ўроку грамадазнаўства ён паказаў 11-класнікам відэаролік пра Канстытуцыю, дзе прагучалі словы «крывавы дыктатар». Сярод навучэнцаў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў ўрок на відэа і выклаў потым у «сямейны чат». Пасля гэтага настаўніка звольнілі, а пазней распачалі крымінальную справу. Пятроўскага прызналі вінаватым у паклёпе на Лукашэнку.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска былі вынесены прысуды па крымінальнай справе за аднаўленне графіці з «дыджэямі пераменаў» на знакамітай «Плошчы пераменаў». Аднаўленне графіці на будцы кваліфікавалася як злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). У выніку 37-гадовы палітвязень Васіль Логвінаў быў асуджаны на два гады “хіміі” і вызвалены ў залі суда пасля трох месяцаў утрыманьня пад вартай. 29-гадовую Дзіяну Каранкевіч, якая знаходзілася ўвесь гэты час пад хатнім арыштам, прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».
Былы старшыня фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска Юрый Сянькоў атрымаў тры гады калоніі за ўдзел у маршах 16 і 23 жніўня 2020 года і за рэпост у сацсетках допісу нібыта з абразамі Лукашэнкі. Сянькова затрымалі 30 красавіка і пяць разоў судзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён адседзеў 50 сутак. Пасля гэтага яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.
Палітвязню журналісту Андрэю Пачобуту працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 3 месяцы. Ён быў затрыманы ў сакавіку па «справе палякаў» і ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА.
У Гродне затрыманы дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеб Койпіш. Цягам некалькіх гадзін у офісе студыі праходзіў ператрус з удзелам сілавікоў. Прыкладна праз тры гадзіны яны сышлі з канфіскаванай тэхнікай і дакументамі, а Глеба Койпіша вывелі ў кайданках. Студыя «Іквадарт» працуе з 2004 года, яна займалася арганізацыяй шматлікіх дабрачынных праектаў.
У Мінску затрыманы 23-гадовы настаўнік Аляксей Мінаў, у якога сёння мусіў быць першы працоўны дзень у ліцэі БДУ. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы па артыкуле аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.
У кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі ўчора ўвечары прайшоў ператрус. Прыходзілі супрацоўнікі СК, іх візіт звязаны з крымінальнай справай. Тым часам Мінюст падаў пазоў на ліквідацыю грамадскага аб’яднання “Перспектыва”.
Жыхара Смаргоні Аляксандра Нагела асудзілі на тры гады калоніі за 13 каментароў пра карнікаў. Аляксандр мае хранічнае сардэчнае захворванне. Падчас дачы тлумачэнняў ён паведаміў, што пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі яму стала дрэнна. Яму выклікалі хуткаю, пасля чаго ён знаходзіўся ў шпіталі дзевяць дзён, прыкаваны да койкі і пад наглядам супрацоўнікаў.
Мінчанку Ірыну Сташкевіч асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за каментар «гніда» у тэлеграм-чаце «Карнікі Беларусі» пад фота старшыні ГУБАЗіК Андрэя Паршына.
Кінакрытыка Тараса Тарналіцкага выклікалі ў якасці сведкі ў ГУБАЗіК. Яго адпусцілі пад падпіску пра неразгалошванне.
Сёння Мінінфарм заблакаваў сайт Reformation. Для карыстальнікаў з Беларусі ён недасяжны. Рэдакцыя пакуль не атрымлівала афіцыйнага паведамлення ад Мінінфарма.
Яшчэ чатыры чалавекі прызнаныя палітвязнямі. Такім чынам, на сёння ў краіне 649 вязняў сумлення.