У Беларусі працягваецца зачыстка СМІ і грамадзянскай супольнасці
16 ліпеня з самай раніцы сілавікі зноў прыйшлі з ператрусамі да журналістаў і праваабаронцаў у Мінску, Пінску, Брэсце, Івацэвічах, Гомелі, Рэчыцы, Гродна.
Ператрусы і допыты прайшлі прынамсі ў 16 журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». Мінімум чатыры журналісты застаюцца затрыманымі, сярод іх Ігар Ільяш – муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі на два гады калоніі за стрым з «Плошчы пераменаў» з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. «Белсат TV» – незалежны тэлеканал у Беларусі, працуе з 2007 года.
Сілавікамі разгромлены офіс Беларускай службы «Радыё Свабода», былі ўзламаныя дзверы, вынесена ўся аргтэхніка, арыштаваны тры журналісты. «Радыё Свабода» – некамерцыйная арганізацыя, якую фінансуе Кангрэс ЗША.
Таксама прайшоў ператрус у сацыяльна-інфармацыйнай установе «ТаймАкт», незалежным прафсаюзе працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці РЭП, у сябраў праўлення арганізацыі «Прававая ініцыятыва».
Улады патлумачылі масавыя ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў тым, што шэраг недзяржаўных арганізацый і СМІ датычныя да «ценявога руху фінансавых сродкаў, нявыплаты падаткаў і фінансавання пратэстнай актыўнасці». Пад фінансаваннем пратэстнай актыўнасці сілавікі разумеюць арганізацыю адукацыйных семінараў і пакрыццё штрафаў.