У Беларусі будзе тая ж карціна: байцы палка Каліноўскага распавядаюць пра вызваленне Херсона
“Калі людзі даведаліся, што мы беларусы, іх проста перапаўняла любоў”. Беларус “Альгерд” распавёў “Радыё Свабода” пра свой удзел у вызваленні Херсона.
Алег “Альгерд” Аўчыннікаў удзельнічае ў вайне з лютага 2022 года. Яго група апошнім часам займала пазіцыю каля сяла Аляксандрыўка за сорак кіламетраў ад Херсона. Літаральна за дзень да вызвалення “Альгерд” з байцамі змаглі дастаць мінамёт, які быў у адной з падбітых машын. Баец дзеліцца ўспамінамі:
Ад траўня я быў на херсонскім кірунку. На ўтрыманьне пазыцыі і наступы пайшло шмат і фізычных сілаў, і матэрыяльных рэсурсаў, і некалькі нашых машын зьнішчылі, і боекамплект перастрэлены. Калі расейцы адышлі, то ў горад сталі заходзіць Узброеныя сілы Ўкраіны, а менавіта спэцназ, выведка. А мы ўжо зайшлі 12 лістапада ў складзе арганізаваных армейскіх калёнаў. Расейцы пакінулі шмат замінаваных аб’ектаў, вось у гэтым небясьпека была. У Херсоне баявых дзеяньняў асаблівых не было. Разбураныя толькі тыя аб’екты, якія зьнішчалі расейцы пры адыходзе — масты, тэлевежа. Не было электрычнасьці і тэлефоннай сувязі, цяпер сувязь крыху пачынае зьяўляцца.
Паводле “Альгерда”, адчуванні ад уваходу ў горад цяжка перадаць словамі, але гэта быў вельмі эмацыйны і натхняльны момант.
Мабыць, усе бачылі кадры, як вайскоўцаў сустракалі з кветкамі, насілі на руках. Літаральна ўсё так і было! Людзі ўсе з украінскай сымболікай — гэта вельмі натхняе. Калі даведаліся, што мы беларусы, то любоў іх проста перапаўняла. Нас сапраўды сустракалі як вызваліцеляў. Уяўляю, што ў Беларусі будзе тая самая карціна, калі будзем яе вызваляць.