У Беларусі адбыліся маштабныя пратэсты супраць вайны з Украінай: 800 затрыманых
27 лютага ў Беларусі праходзіў асноўны дзень галасавання на бутафорскім рэферэндуме, арганізаваным па ініцыятыве Лукашэнкі. Бюлетэнь для галасавання ўтрымліваў толькі адно пытанне: «Ці прымаеце Вы змены і дапаўненні да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?». Пачынаўся дзень даволі спакойна. Пра тое, што гэта не звычайная нядзеля, нагадвала спецтэхніка сілавікоў, якую беларусы сталі заўважаць на вуліцах гарадоў ад самай раніцы.
А 14-й гадзіне ля выбарчых участкаў пачалі ўтварацца чэргі. Так беларусы адгукнуліся на заклік дэмакратычных сілаў Беларусі прыйсці галасаваць менавіта ў гэты час, каб заадно выказаць сваю нязгоду з удзелам Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. Людзі выкрыквалі: «Не вайне!», «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!», некаторыя трымалі украінскія і бел-чырвона-белыя сцягі. Пазней частка людзей ад участкаў прайшла маршам па вуліцах сваіх гарадоў, а машыны, якія міналі калону, падтрымлівалі іх сігналамі. Каля станцыі метро «Усход» у Менску прайшла калона людзей, якія неслі сцяг Украіны і скандавалі «Не вайне!».
На актыўнасць беларусаў адрэагавалі сілавікі. У многіх гарадах пачаліся затрыманні як унутры выбарчых участкаў, так і знадворку, а таксама проста на вуліцы за словы «я супраць вайны», за ўдзел у антываенных акцыях, за сігналы аўтамабіляў, за фатаграфаванне бюлетэняў і нават за чаканне сваёй чаргі на галасаванне. У Менску сілавікі павялі ў аўтазак жанчыну, якая самотна выгульвала сабаку. У Гародні некалькі чалавек затрымалі, паводле сведкаў, «за тое, што адмовіліся адысці ад выбарчага ўчастка».
Каля 5-й гадзіны вечара ў Менску вялікая колькасць дэманстрантаў па закліку апазіцыі сабралася побач з Генштабам Мінабароны. Многія прынеслі ўкраінскія сцягі і скандавалі антываенныя лозунгі. Усе цэнтральныя вуліцы сталіцы былі запоўненыя аўтамабілямі, якія сігналілі. У некаторых машынах людзі ўключалі гімн Украіны. Акцыю пратэсту разагналі сілавікі ў чорна-аліўкавай форме без апазнавальных знакаў – відаць, гэта былі і АМАП, і ўнутраныя войскі. Яны акружылі людзей і хапалі ўсіх, акрамя самых пажылых.
Як і ў папярэднія дні, людзі прыносілі кветкі да амбасады Украіны. Увесь плот каля амбасады быў аздоблены кветкамі. Але і туды прыехалі сілавікі, каб разагнаць удзельнікаў мірнай акцыі.
Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у асноўны дзень галасавання ў Беларусі былі затрыманыя 800 чалавек. На гэты момант прозвішчы не ўсіх затрыманых вядомыя.