У Бабруйску вынесеныя суровыя прысуды за “тэрарыстычныя дзеянні” групе мясцовых жыхароў
У судзе горада Бабруйска 10 жніўня вынесены прысуд групе мясцовых “тэрарыстаў”. Па справе праходзілі Ігар Казлоў, Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Наталля Кед і Надзея Полькіна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», беларусаў Мінкевіча, Казлова і Ермаловіча абвінавачваюць за шэраг дзеянняў “тэрарыстычнага характару” летам-восенню 2021 года. Тады каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна быў знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі паміж рэйкамі, а таксама прадаўцом “Табакеркі” каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску. Акрамя гэтага, сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы.
Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у “спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Абедзве жанчыны праходзяць па справе аб спальванні пудзіла Лукашэнкі ў сакавіку 2021 года. Такім чынам, вынесены прысуд па некалькіх артыкулах: стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй, акт тэрарызму, пагроза здзяйснення акта тэрарызму ды абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Канстанцін Ермаловіч — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 9 600 рублёў, Віталь Мінкевіч — 15 гадоў пазбаўлення воліў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ігар Казлоў — 14 гадоў пазбаўлення воліў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Надзея Полькіна — 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму Наталля Кед — 2 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.