Ціск на прэсу працягваецца: затрыманыя яшчэ два журналісты
Затрыманы журналіст Дзмітрый Руто з Tribuna.com. Яго абвінавачваюць у незаконным пікетаванні шалікам з бел-чырвоным узорам, які ляжаў у яго машыне.
Затрыманая таксама рэдактарка спецпраектаў рэгіянальнага партала Hrodna.life Ірына Новік. Яна праходзіць па справе аб спасылках на «экстрэмісцкі» телеграм-канал на сайце выдання. Раней затрымалі і пазней адпусцілі галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту.
Журналіст Аляксандр Буракоў пра ўмовы ўтрымання сказаў, што «гэта ваенная турма, ваенны рэжым, а не ІЧУ. Адзінае, што заставалася, падпарадкоўвацца, па сутнасці, незаконным патрабаванням». Па словах журналіста, ён падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню ў ізалятары: яму не давалі нармальна спаць і рэгулярна ладзілі праверкі з распрананнем дагала ў калідоры. Акрамя таго, Буракову так і не аддалі перадачу, якую яго сваякі прынеслі ў ізалятар яшчэ 13 траўня.