ЦІП на Акрэсціна – Асвенцым XXI стагоддзя
Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч выйшаў на волю пасля 20 содняў арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Яго затрымалі 3 ліпеня ў Мінску, падставы затрымання невядомыя.
Дзяніса шмат разоў пераводзілі з адной цэлі ў іншую, ён бачыў стаўленне да простых злачынцаў і да «палітычных». Ён распавядае пра ўмовы ў ЦІП як пра генацыд: любога чалавека, які туды трапляе, «проста знішчаюць».
На яго думку, сілавікі сталі ставіцца да палітвязняў больш жорстка, чым у пачатку года. Яны ўпэўненыя, што пакарання за іх дзеянні не будзе ніколі. Цэлі перапоўненыя: у чатырохмеснай сядзяць па 18–20 чалавек. Некаторыя страчваюць прытомнасць ад спёкі – у цэлях вельмі душна і горача. У палітвязняў няма матрацаў, многія спяць на падлозе. Сродкаў гігіены няма, зубныя шчоткі забароненыя, у душ ня водзяць, перадачы не перадаюць. Ежу даюць такую, што зняволеныя амаль не ходзяць у туалет. У цэлях пастаянна гарыць святло.
Праверкі праводзяць ноччу і днём. Выводзяць з цэлі, ставяць на расцяжку, выкручваюць рукі. Многіх збіваюць. Урбановіч кажа, падчас зняволення яго білі рукамі і нагамі па паясніцы і нагах, дубінкай білі па нырках, нават за тое, што засмяяўся. Ад збіцця ўзнік унутраны крывацёк, трэба класціся ў шпіталь. Цяпер ён мочыцца з крывёю, адчувае боль. Кажа, у многіх зняволеных былі падобныя праблемы. Многія хварэюць на каранавірус – тых, хто меў тэмпературу 38–39 градусаў, забірала «хуткая», астатніх хворых не тэстуюць і не лечаць.
«Я спадзяюся, што хоць нехта зверне ўвагу на тое, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся, яны працягваюцца, і кожны беларус можа сесці ў турму нават за просты рэпост, і яго там будуць біць, ламаць, а тыя лекары, якія ў ЦІП знаходзяцца, дапамогі аказваць не будуць, – кажа Урбановіч. – ЦІП – гэта Асвенцым XXI стагоддзя. У цэнтры Мінска, у цэнтры Еўропы ў 2021 годзе ёсць Асвенцым, які забівае беларускую нацыю. Няма слоў, трэба пабываць там, каб усё зразумець».
На электронную пошту праваабарончага цэнтра «Вясна» на ўмовах ананімнасці былі дасланыя фатаздымкі, зробленыя ў камеры ЦІП на Акрэсціна сёлета. На фота бачна, што цэля перапоўненая: людзі спяць на жалезных нарах па двое, хтосьці спіць на стале і на падлозе. Акрамя таго ў затрыманых няма матрацаў і бялізны. На фота відць час здымкаў – ноч, але ў цэлях гарыць святло.