Ціманоўская 4 жніўня вылеціць з Токіа ў Варшаву
Польскі МЗС прапанаваў дапамогу беларускай лёгкаатлетцы Крысціне Ціманоўскай, якую адхілілі ад Алімпіяды і паспрабавалі вывезці з Токіа пасля крытыкі кіраўніцтва зборнай Беларусі. Яна атрымала польскую гуманітарную візу і зможа працягнуць у Польшчы спартыўную кар’еру.
На дадзены момант мяркуецца, што Ціманоўская вылеціць з Токіа ў Варшаву 4 жніўня.
Яе муж вымушаны быў экстранна пакінуць Беларусь. У Кіеве ён даў першае інтэрв’ю: «Я ў шоку ад прадстаўнікоў нашай каманды, як яны ціснуць на спартоўцаў».
ЕС лічыць спробу гвалтоўнага вяртання спартсменкі Крысціны Ціманоўскай у Беларусь «чарговым прыкладам рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі».
Тым часам спартыўны арбітражны суд адхіліў запыт Крысціны Ціманоўскай аб адмене рашэння НАК Беларусі адхіліць яе ад Алімпіяды.
Міжнародная арганізацыя Global Athlete заклікае МАК неадкладна прыпыніць працу НАК Беларусі і дазволіць беларусам спаборнічаць у нейтральным статусе ў сувязі са скандалам з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай.
Крысціна Ціманоўская – чэмпіёнка Беларусі ў бегу на 100 і 200 метраў, пераможца Універсіяды-2019 на дыстанцыі 200 метраў, срэбная прызёрка II Еўрапейскіх гульняў у бегу на 100 метраў.