Святлана Ціханоўская другі раз намінаваная на Нобелеўскую прэмію

Святлану Ціханоўскую вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру 2022 года. Аб гэтым паведаміў яе дарадца Франак Вячорка. «Гэта прызнанне для ўсіх беларусаў, якія працягваюць змагацца за свабоду», – напісаў ён. Ініцыятарамі сталі два нарвежскія парламентарыі. Для лідэркі беларускай апазіцыі гэта ўжо другая намінацыя: летась яе кандыдатуру вылучыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
У сваім нядаўнім звароце С. Ціханоўская нагадала, што колькасць палітвязняў у Беларусі перавысіла тысячу, а колькасць людзей, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычных матывах, яшчэ большая. Яна адзначыла: «1000 палітвязняў – гэта не толькі 1000 сем’яў, якія страцілі карміцеля, разбітыя сэрцы і зламаныя лёсы родных і блізкіх. 1000 палітвязняў – гэта падстава, на якой мноства краін адмовілася супрацоўнічаць з Беларуссю, і мы губляем на гэтым вялізныя грошы. <…> Пакуль гэтыя людзі за кратамі, вы таксама за гэта расплачваецеся. Гэта ў вас забіраюць нармальнае жыццё».