Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы
Падчас свайго візіту ў Польшчу лідэрка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы.
У сваёй прамове Ціханоўская папярэдзіла, што рэжым Лукашэнкі ў пошуках рэсурсаў гатовы рызыкаваць незалежнасцю краіны, і заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць дакументы па інтэграцыі Беларусі з Расіяй. «Цяпер Лукашэнка спрабуе знайсці рэсурсы ўсюды, дзе можна, і ён гатовы падвергнуць рызыцы эканамічную, ваенную і палітычную незалежнасць Беларусі. І гэта нясе рызыку для бяспекі ўсяго рэгіёну», – заявіла Ціханоўская.
Паводле Святланы Ціханоўскай, ідэю інтэграцыі з Расеяй часта прадстаўляюць як волю народа, але ў рэальнасці большасць беларусаў страціла настальгію па СССР і хоча, каб стасункі паміж Беларуссю і Расіяй будаваліся на тых жа прынцыпах, што і з іншымі суседзямі.
Таксама ў сваёй прамове на форуме Ціханоўская казала пра міграцыйны крызіс, чацвёртую хвалю каранавіруса, пра забойства Андрэя Зэльцара і пра арышты больш за сотню чалавек за каментары гэтага забойства ў сацсетках.
Варшаўскі форум па бяспецы – штогадовая міжнародная канферэнцыя, праходзіць у польскай сталіцы з 2014 года і пазіцыянуецца як месца для абмену досведам і меркаваннямі ў галіне палітыкі бяспекі краін-чальцоў НАТА і Еўрапейскага Саюза, а таксама дзяржаў-партнёраў.