Ціханоўская правяла перамовы з прадстаўнікамі ЗША і ЕС
Сёння на трохбаковай сустрэчы каманда Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікі ЗША і ЕС упершыню за адным сталом абмяркоўвалі тэму Беларусі. У Прадстаўніцтве Еўрапейскага Саюза ў ЗША Святлану Ціханоўскую вітаў амбасадар ЕС у ЗША Стаўрас Ламбрынідзіс, а таксама амбасадары і кіраўнікі місій ўсіх краін Еўрасаюза.
Напярэдадні Святлана Ціханоўская ў Белым доме правяла перамовы з дарадцам Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. На перамовах таксама прысутнічалі кіраўнік дэпартамента Усходняй Еўропы Нацыянальнага савета бяспекі ЗША Крыс Сміт, кіраўнік Савета па гендэрнай палітыцы Белага дома Джэніфер Кляйн і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Ціханоўская распавяла пра масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і актывістаў, пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў турмах.
Афіцыйная прадстаўніца Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Эмілі Хорн пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Джэйкам Саліванам напісала: «Злучаныя Штаты разам з партнёрамі і саюзнікамі будуць працягваць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за свае дзеянні, у тым ліку шляхам увядзення санкцый».
20 ліпеня Ціханоўская сустрэлася з двухпартыйнай групай сенатараў ЗША. З кіраўніком камітэта Сената ЗША па міжнародных стасунках Робертам Менэндэсам і яго камандай яна абмеркавала, як скаардынаваць падтрымку Беларусі паміж ЗША і ЕС. «Для мяне было вялікім гонарам сустрэцца з Ціханоўскай сёння ў Сенаце. ЗША павінны аднавіць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і ўвесці сектаральныя санкцыі ў адказ на рэпрэсіі ўрада», – напісаў Менэндэс.
Сустрэчу з Ціханоўскай правяла першая жанчына, якая займала пасаду дзяржсакратара ЗША, Мадлен Олбрайт.
Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) Келу Чао і абмеркавала сітуацыю з незалежнымі СМІ ў Беларусі. Гэтае агенцтва каардынуе працу «Голаса Амерыкі», «Радыё Свабода», «Настоящее время».