Ціханоўская прапаноўвае Зяленскаму супрацоўнічаць з дэмакратычнай Беларуссю
«Мы прапаноўваем стварыць альянс з дэмакратычнай Беларуссю». Ціханоўская звярнулася да Зяленскага
Я веру, што Расія пацерпіць паразу, а Украіна адновіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і абароніць сваю незалежнасць. Украінскі народ зараз піша не толькі сваю, але і сусветную гісторыю. Я ганаруся тым, што беларусы ваююць з украінскімі вайскоўцамі плячо да пляча, што беларусы ўдзельнічаюць у партызанскім руху, збіраюць гуманітарную дапамогу, дапамагаюць бежанцам, інфармуюць аб прасоўванні расійскіх войскаў, каб дапамагаць жыхарам Украіны.
Беларусы заўсёды будуць з народам Украіны. Але беларусы гэта не Лукашэнка. Лукашэнка – гэта ганьба маёй краіны. Гэта ён і Пуцін уцягваюць нашу краіну ў вайну. Лукашэнка ўжо не прымае рашэнні, за яго гэта робіць Крэмль. За нашую агульную свабоду ад акупантаў і дыктатуры больш за 40 000 беларусаў за два гады прайшлі праз турмы. Але мы працягваем нашу барацьбу. І мы ведаем, што ўкраінцы і беларусы не ворагі, а змагаюцца на адным баку з адным і тым жа злом. Лукашэнка і Пуцін – ваенныя злачынцы і павінны панесці адказнасць за тысячы нявінных ахвяр. А Беларусь павінна выйсці з вайсковых, палітычных і эканамічных саюзаў з Расіяй, якія перашкаджаюць нацыянальным інтарэсам нашай краіны.
Беларусы не просяць змагацца замест нас. Мы прапануем Украіне і ўкраінскаму народу стварыць альянс з дэмакратычнай Беларуссю. Аб’яднаны пераходны кабінет гатовы да супрацоўніцтва з Украінай і ўсталявання дыпламатычных і палітычных адносін. Мы гатовы дзейнічаць разам з Украінай.