Ці небяспечныя для рэжыму Лукашэнкі беларускія «Кіберпартызаны»?
Паводле артыкулу агенцтва Bloomberg і інтэрв’ю на «Радыё Свабода», распавядаем пра беларускіх «Кіберпартызанаў», якія ўзломваюць урадавыя серверы і атрымліваюць доступ да афіцыйнай і сакрэтнай інфармацыі.
«Кіберпартызаны» з’явіліся ў Беларусі год таму і заявілі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў у краіне. Яны агучылі свае тры задачы: сабраць інфармацыю пра сілавыя структуры, чыноўнікаў і іх злачынствы, паказаць «гнілы» характар рэжыму і скінуць рэжым Лукашэнкі.
Прадстаўнік «Кіберпартызанаў» распавёў Bloomberg, што група налічвае 15 удзельнікаў (большасць з іх беларусы, якія працуюць у сферы ІТ): каля чатырох чалавек засяродзіліся непасрэдна на ўзломе сістэм, а астатнія занятыя аналізам дадзеных ды іншымі задачамі.
Кіберпартызаны пачыналі з бяскрыўднай замены выяваў на афіцыйных сайтах і публікацыі спісаў сілавікоў. Але ў канцы ліпеня 2021 года ў межах шматузроўневай спецаперацыі «Жара» яны ўзламалі шэраг баз дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт», службы 102 (экстраныя выклікі міліцыі), дадзеных унутранай службы бяспекі МУС, ДАІ і сервера з відэазапісамі дронаў МУС. Пасля атрымання доступу да сервераў МУС з запісамі праслухоўвання тэлефонных размоў у распараджэнні хакераў апынуўся архіў аўдыё агульнай працягласцю да двух мільёнаў хвілін.
Паводле экспертаў, пакуль наступствы кібератакаў ацаніць складана, але ў доўгатэрміновай перспектыве яны могуць быць значнымі: сабраную інфармацыю могуць выкарыстоўваць пры увядзенні санкцый супраць беларускага рэжыму ці нават для судовага пераследу Лукашэнкі.
Афіцыйная прапаганда лічыць, што за дзейнасцю кіберпартызанаў стаяць замежныя спецслужбы. Самі кіберпартызаны гэта адмаўляюць: «Асацыяваць нас з замежнымі спецслужбамі – гэта спроба КДБ, МУС і ААЦ апраўдаць перад узурпатарам сваю няздольнасць змагацца з намі. Прызнаваць, што рэжым прайграе кібервайну сваім жа IT-шнікам, яны не стануць».
Кіберпартызаны заявілі, што яны супрацоўнічаюць з іншымі групамі супраціву рэжыму і пераходзяць ад разведвальных аперацый да падрыўных. Яны рухаюцца да так званага моманту Х – перыяду, калі кібердыверсіі будуць спалучацца з масавымі выхадамі пратэстоўцаў на вуліцы, што, як спадзяецца група, прывядзе да звяржэння рэжыму Лукашэнкі.