Святлана Ціханоўская ў ААН: Беларусь пад часовай ваеннай акупацыяй
Нацыянальная лідэрка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з пасламі краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Мексікі і іншых краін у Жэневе. Ціханоўская заклікала падтрымаць працяг спецыяльнага мандата ААН па Беларусі і прыняць рэзалюцыі супраць рэжыму.
Таксама Ціханоўская заклікала паслоў пры ААН:
– прызнаць Беларусь як краіну дэ-факта часова акупаваную Расеяй;
– прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу ў сувязі з вайной ва Украіне;
– адрэагаваць на катаванні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрымання палітвязняў;
– падтрымаць працу міжнароднай платформы па зборы доказаў злачынстваў рэжыму.
Усе дэлегацыі, з якімі Ціханоўская сустрэлася ў Швейцарыі, запэўнілі, што раздзяляюць Беларусь і рэжым Лукашэнкі і зробяць усё магчымае для падтрымкі грамадзянскай супольнасці і Антываеннага Руху. Таксама абмяркоўваліся магчымасці барацьбы супраць дыскрымінацыі ў дачыненні да беларусаў – уключна з тымі, хто вымушана выехаў са сваёй краіны і з Украіны.
У гэты ж дзень у Савеце па правах чалавека ААН прэзентавалі даклад па сітуацыі ў Беларусі, дзе сабраныя доказы злачынстваў рэжыму супраць чалавечнасці. Гэты даклад можа даць ход адкрыццю новых спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі і міжнародных расследаванняў па ўсёй Еўропе.