Святлана Ціханоўская: «Для рэжыма суверэнітэт ніколі не быў ні святам, ні каштоўнасцю»
Лідэрка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская запісала зварот у неафіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі і расказала аб прыярытэтах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, створанага ёй у гэтым месяцы.
«Для рэжыма суверэнітэт ніколі не быў ні святам, ні каштоўнасцю, – адзначыла Святлана Ціханоўская. – Учора яны дасылалі ўкраінскаму народу віншаванні з Днём незалежнасці Украіны, а праз пару гадзінаў з тэрыторыі Беларусі ва Украіну зноў ляцелі расійскія ракеты.
Таму для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, які я стварыла, абарона незалежнасці Беларусі – галоўны прыярытэт. Апошнія 2 тыдні чальцы Кабінета ўзгаднялі стратэгію і дамаўляліся пра падзел адказнасці: хто што мусіць рабіць, і, мабыць, што больш важна – што не мусіць рабіць. Каб Кабінет працаваў эфектыўна, у ім павінна быць адладжаная сістэма. За апошнія тыдні мы атрымалі мноства запытаў ад ахвотных працаваць у Кабінеце.
Зараз мы працуем для людзей, якім ужо не хапае на ежу, але яны радыя, што пакуль ім на галовы не падаюць ракеты. Сёння, праз 31 год, беларусы зноў стаяць перад рызыкай страты незалежнасці. Незалежнасць як паветра. Мы не задумваемся, наколькі яна важная, пакуль яна ёсць. Таму не трэба чакаць, калі мы яе страцім, каб пачаць яе бараніць
У 1991 – 1996 гадах Дзень Незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня. У гэты дзень у 1990 годзе была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. Такім чынам, Беларусь абвясціла сваю незалежнасць на наступны дзень пасля Украіны. З 1996 года, пасля другога рэферэндуму, праведзенага Лукашэнкам, святкаванне Дня незалежнасці было перанесенае на 3 ліпеня – у гэты дзень у 1944 савецкія войскі вызвалілі Мінск ад нямецкай арміі. Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе афіцыйны Дзень незалежнасці не звязаны з аддзяленнем ад СССР ці Расійскай імперыі.