Святлана Алексіевіч атрымала адну з найвышэйшых узнагарод Германіі
Адна з найвышэйшых узнагарод Германіі ўручана беларускай пісьменніцы, нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч. С.Алексіевіч уганаравана ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй». Вялікі крыж 1-й ступені яна атрымала з рук прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера.
Сп. Штайнмаер у сваёй прамове ўзгадаў шматмесячныя пратэсты ў Беларусі. «Жаночы твар – гэта твар мірнага і адважнага імкнення да будучыні, якое ўсё яшчэ жорстка задушваецца», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле Алексіевіч, апазіцыю прагналі з вуліц, а многіх апазіцыянераў – з краіны, але пратэстоўцы ніколі не прымуць вяртання ў рабства: «Яны ніколі не будуць тымі, кім былі да лета 2020 года».
Сярод найбольш вядомых твораў пісьменніцы – кнігі «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва». Цяпер С.Алексіевіч працуе над новай кнігай, прысвечанай «рэвалюцыі з жаночым тварам», пра масавыя пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі, што пачаліся ў жніўні 2020 года.
Пасля пачатку масавых пратэстаў 2020 года супраць сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта, С.Алексіевіч увайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады, якая была створана па ініцыятыве лідэркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Усе сем сябраў прэзідыума або арыштаваныя (Марыя Калеснікава, Максім Знак), або былі вымушаныя з’ехаць з краіны.