Супрацоўнікаў Прэс-клуба Беларусі адпусцілі на волю
Пасля амаль васьмі месяцаў зняволення выйшлі на волю сябры каманды Прэс-клуба Беларусі.
У канцы снежня 2020 года падчас хвалі рэпрэсій супраць незалежных СМІ і НДА былі затрыманыя заснавальніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая, рэжысёр Сяргей Альшэўскі, праграмная дырэктарка Ала Шарко, аператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай) і двое былых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі – Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі. Затрыманых па «справе Прэс-клуба» прызналі палітвязнямі.
Юлію Слуцкую затрымалі проста ў аэрапорце, калі яна вярталася з адпачынку. Яе допыт доўжыўся амаль 36 гадзін без адваката. За гэты час Юліі далі паспаць усяго гадзіну – седзячы за сталом пры ўключаным святле. Пасля быў затрыманы яе сын Пётр. «Я разумела, што Пецю проста ўзялі ў закладнікі, бо ён аператар, гукарэжысёр, ён не меў ніякага дачынення да фінансавых справаў. І сядзеў ён у адной з найгоршых камер у гэтай турме, якая знаходзіцца ў падвале, дзе заўсёды сыра, дзе на 30 квадратных метрах жывуць 25 мужчын, спяць на трох’ярусных нарах», – распавяла Юлія.
Супрацоўнікаў Прэс-клуба абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і саўдзеле ў злачынстве (ч. 2 арт. 243 КК). Сваякі затрыманых перавялі на рахунак Следчага камітэта каля 43 600 долараў ЗША ў кошт пагашэння нібыта нявыплачаных падаткаў.
У зняволенні застаюцца яшчэ два фігуранты справы Прэс-клуба – гэта сябра Каардынацыйнай рады і экс-журналістка дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі, былы аператар дзяржаўнага тэлебачання. Пасля сыходу з дзяржаўнага тэлебачання Луцкіна займалася стварэннем незалежнага тэлеканала.
Прэс-клуб Беларусі займаўся даследчай дзейнасцю, арганізоўваў і праводзіў адукацыйныя лекцыі і семінары для журналістаў. У ліпені 2021 года арганізацыя была ліквідаваная рашэннем Мінгарвыканкама разам з некалькімі дзясяткамі іншых недзяржаўных арганізацый.