Суд прызнаў экстрэмісцкімі выданні TUT.BY і Zerkalo.io
13 жніўня 2021 года суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў выданне TUT.BY і яго сацсеткі экстрэмісцкімі на запыт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Рашэнне суда датычыцца і Zerkalo.io – новага СМІ, запушчанага камандай TUT.BY у пачатку ліпеня. Улады палічылі, што інфармацыйны рэсурс накіраваны «на распальванне сацыяльнай варожасці або розні, арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў». Цяпер распаўсюджванне або рэпост матэрыялаў выдання цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць з пакараннем у выглядзе штрафу або арышту.
Каманда Zerkalo.io заявіла, што прэтэнзіі МУС Беларусі з’яўляюцца беспадстаўнымі, а супрацоўнікі гэтага медыя выконваюць прынцыпы журналістыкі і беларускія законы. Журналісты паабяцалі не спыняць працу і абскардзяць вердыкт.
TUT.BY – найбуйнейшы беларускі інтэрнэт-партал навінаў, заснаваны ў 2000 годзе. Сайт меў шырокі ахоп беларускай аўдыторыі – больш за 60% насельніцтва Беларусі. У 2020 годзе журналісты TUT.BY асвятлялі масавыя пратэсты супраць дзейнага рэжыму. У снежні 2020 года эканамічны суд Мінска пазбавіў партал TUT.BY статусу СМІ, а вясной 2021 сайт быў заблакаваны. У траўні 2021 года былі арыштаваныя 15 супрацоўнікаў выдання – усе яны да гэтага часу знаходзяцца пад вартай.