Сцяпан Латыпаў асуджаны на 8,5 гадоў калоніі
Палітвязьню Сцяпану Латыпаву 16 жніўня 2021 года прысудзілі 8,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 8 700 беларускіх рублёў (амаль 3 500 долараў ЗША). Яго абвінавачвалі паводле трох артыкулаў: арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1, 2 арт. 342), супраціў міліцыі (ч. 2 арт. 363) і махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 ). Латыпаў сваёй віны ў судзе не прызнаў па ніводным эпізодзе, ад дачы паказанняў адмовіўся.
Сцяпан Латыпаў – жыхар «плошчы Пераменаў». Гэтую сімвалічную назву атрымаў адзін з двароў Мінска, дзе збіраліся людзі, што пратэставалі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўлетку 2020 года, і дзе пасля быў затрыманы і збіты да смерці Раман Бандарэнка. 15 верасня 2020 года Сцяпан разам з іншымі жыхарамі двара абараняў пратэстны мурал. Да іх падышлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, Сцяпан папрасіў іх прадставіцца. Замест гэтага міліцыянты заламалі Сцяпану рукі, павалілі яго на зямлю і забралі.
На першым пасяджэнні суда 1 чэрвеня 2021 палітвязень заявіў пра пагрозы яго бацьку і суседзям і пра невыносныя катаванні: 51 дзень Латыпаў знаходзіўся ў так званай прэс-хаце – адмысловай камеры, дзе ствараюцца невыносныя ўмовы іншымі сакамернікамі з мэтай дамагчыся прызнальных паказанняў. У знак пратэсту супраць катаванняў Латыпаў проста ў залі суда ўваткнуў сабе ручку ў горла з мэтай здзейсніць суіцыд. Ён быў шпіталізаваны, аднак адразу пасля аперацыі яго вярнулі ў СІЗА.
У судзе 12 жніўня 2021 года Сцяпан Латыпаў у апошнім слове распавёў пра сваё затрыманне: «15 верасня 2020 года людзі ў масках занеслі мяне ў мікрааўтобус. Зацягнулі рукі за спінай, надзелі на галаву смеццевы пакет і павезлі… на Парк дружбы народаў. Па дарозе двойчы перасаджвалі з аўтобуса ў аўтобус. Але гэта быў мой раён і я ведаю там кожны паварот. Потым яны мяне збівалі, ўключылі радыё на ўсю моц і пачалі мяне біць. Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спінай, «ластаўкай», збіваючы кулакамі і далонямі па вушах так, каб у галаве нібы выбухала граната. Білі дубінкай па крумянках, білі так, каб сіняка не заставалася… Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся».
Амбасада ЗША ў Мінску выступіла з асуджэннем вынесенага сёння жорсткага прысуду палітвязьню Сцяпану Латыпаву.