Спартыўны журналіст Аляксандр Івулін пакараны двума гадамі зняволення
Палітвязня Аляксандра Івуліна – спартовага журналіста, блогера і гульца мінскага футбольнага клуба «Крумкачы», які знаходзіцца за кратамі ўжо больш за сем месяцаў, пакаралі двума гадамі калоніі. Паводле версіі следства, Івулін 23 жніўня і 27 верасня 2020 года разам з іншымі людзьмі «рухаўся па праезджай частцы вуліцы… блакуючы і заступаючы шлях аўтамабілям». Акрамя таго, ён нібыта размяшчаў відэаролікі «падбухторніцкага характару з мэтай ажыццяўлення дэструктыўнай дзейнасці». Мінсктранс выставіў журналісту рахунак на 39 тысяч рублёў (больш за 13 тысяч еўра).
Аляксандра Івуліна затрымалі 3 чэрвеня 2021 года і спачатку пакаралі тэрмінам у 30 содняў адміністрацыйнага арышту нібыта за сцяг на акне. Але на волю ён так і не выйшаў. У апошнім слове на судзе журналіст абверг усе абвінавачванні ў дачыненні да сябе і папрасіў суд не пазбаўляць яго магчымасці займацца футболам. Івулін распавёў пра сваіх бацькоў і старэйшага брата з інваліднасцю, якія патрабуюць яго дапамогі. На заканчэнне Івулін заявіў, што працягвае верыць у вяршэнства закону, нормы чалавечай маралі і людзей.
У падтрымку Аляксандра Івуліна неаднаразова выступалі вядомыя беларускія спартоўцы, а таксама футбольныя заўзятары. Актыўна журналіста падтрымліваюць і беларусы за мяжой. 26 верасня 2021 года ў Шатландыі прайшоў «Кубак Аляксандра Івуліна», арганізаваны Народным консульствам Беларусі ў Эдынбургу і праваабарончай арганізацыяй Libereco. Напярэдадні суда акцыі ў падтрымку Івуліна прайшлі ў Польшчы, Літве і Украіне.