СК не будзе ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да беларускіх сілавікоў
У жніўні 2020 гады пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта Беларусі сотні тысяч людзей выйшлі на мірныя пратэсты, тысячы былі арыштаваныя і жорстка збітыя сілавікамі, а факты катаванняў былі зафіксаваныя лекарамі і валанцёрамі праваабарончых арганізацый.
У траўні 2021 года ў Федэральную пракуратуру Германіі была пададзеная заява пра злачынствы супраць чалавечнасці ад імя 10 чалавек, якія пацярпелі ад катаванняў у Беларусі. Раней падобныя заявы ў межах універсальнай юрысдыкцыі былі пададзеныя і разглядаюцца ў Літве. У Польшчы таксама вядзецца расследаванне па заяве двух польскіх грамадзянаў.
А сёння Следчы камітэт Беларусі адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па зваротах грамадзянаў, якія пацярпелі ад жорсткасці сілавікоў падчас затрыманняў на мірных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года і ў месцах пазбаўлення волі. На думку ведамства, падача гэтых зваротаў насіла «кіраваны характар».
З заявамі аб правядзенні праверкі па фактах «нібыта супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» звярнуліся 680 чалавек. СК сцвярджае, што ўжыванне з боку супрацоўнікаў фізічнай сілы і спецсродкаў пры спыненні правапарушэнняў ажыццяўлялася ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона «Аб органах унутраных спраў» i iншых нарматыўных прававых актаў Беларусі, а выбраныя імі сродкі і спосабы былі суразмераныя і «ўжываліся з намерам прычынення найменшай шкоды з улікам абставінаў». На думку ведамства, грамадзяне атрымалі свае траўмы «у месцах правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і масавых беспарадкаў».
Тым часам незалежная экспертыза пацвердзіла, што голас на запісах, прадстаўленых ініцыятывай BYPOL, у якіх сілавікам загадвалі ўжываць да дэманстрантаў самыя жорсткія меры, належыць былому кіраўніку МУС Беларусі Юрыю Караеву. У адным з аўдыёзапісаў Караеў называў беларусаў «тупаватымі», «недалёкімі», «тлустымі абывальнікамі» і «сукамі». Тамсама ён заклікаў знаходзіць тых, хто пагражае сілавікам: «Усё кідайце і знаходзьце гэтую пачвару – прыбірайце». На другім аўдыёзапісе Караеў называе Сяргея Ціханоўскага «тварынай» і шкадуе, што яго яшчэ позна пасадзілі: «Няма на яго артыкула – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»
У адказ на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы кіберпартызаны паведамілі пра ўзлом базы дадзеных Следчага камітэта. «Ніхто не сыдзе ад адказнасці», – сцвярджаюць кіберпартызаны.