Сямейную пару асудзілі за ўдзел у Маршы па фота з кнігі
На тры гады прымусовых працаў у хатніх умовах асудзілі беларусаў Дар’ю і Міхаіла Суднік. Іх абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з Маршаў у 2020 годзе, а галоўным доказам па справе стала фота з плакатам з кнігі “Я выходжу”.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКу сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі пару па фатаграфіі ў кнізе “Я выходжу”. У пратаколе агляду фатаграфіі, складзеным у жніўні 2022 года, гаворыцца:
Дар’я і Міхаіл знаходзіліся на праезнай частцы дарогі па праспекце Незалежнасці ў Мінску сярод значнай колькасці іншых грамадзян, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі і іншую пратэсную атрыбутыку; Суднік трымала ў руках таблічку з пратэсным надпісам, апранутая ў блузку з арнаментам бел-чырвона-белага колеру, на галаве – вянок аналагічнай расфарбоўкі. Суднік быў апрануты ў майку карычневага колеру.
Пры затрыманні мужа і жонкі, правялі ператрус і канфіскавалі майку Міхаіла ў якасці доказу.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе, што гэта не адзінкавы выпадак: у ізалятары на Акрэсціна ўтрымліваецца шмат затрыманых па фатаграфіях з кнігі “Я выходжу”, выдадзенай у красавіку 2021 года, – і просяць паклапаціцца пра сваю бяспеку ўсіх, хто трапіў на фота ў гэтай кнізе. Таксама вядома мноства выпадкаў, калі людзей знаходзілі па фатаграфіях з пратэстаў, знойдзеных у тэлефонах іншых затрыманых, а таксама па матэрыялах камер відэаназірання і аператыўнай здымкі сілавікоў на маршах.