Рост рэпрэсій: 114 чалавек асуджаныя па палітычных справах у Беларусі ў верасні
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна»,у верасні 2022 года прынамсі 114 чалавек былі асуджаныя па палітычна матываваных справах, з іх 23 жанчыны. Гэта на 16 чалавек болей, чым за папярэдні месяц.
Адбываць пакаранне ў турмах асуджаныя 79 чалавек. У суме яны атрымалі тэрмін 412 гадоў пазбаўлення волі. Менскі гарадскі суд 6 верасня вынес жорсткія прысуды адразу 10 палітвязням – ад 6 да 17 гадоў. Марфа Рабкова, каардынатарка валанцёрскай службы “Вясны”, якая атрымала 15 гадоў, самы вялікі тэрмін па “палітычна матываванай справе” сярод жанчын.
У калоніі адправілі 7 чалавек, на агульны тэрмін у 17 гадоў прымусовых працаў. Яшчэ 28 чалавек асуджаныя на папраўчыя работы дома. 31 чалавека абавязалі выплаціць штрафы на агульную суму 332800 рублёў, што амаль у чатыры разы больш, чым штрафы за жнівень.
«Вясна» працягвае фіксаваць выпадкі катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з палітзняволенымі. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць медыцынскай дапамогі, прагулак, лістоў, перадач.
За верасень праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнаў палітвязнямі яшчэ 44 чалавекі, на 1 кастрычніка іх стала 1324 чалавекі, а на сёння (10 кастрычніка) у беларускіх турмах знаходзяцца ўжо1348 палітвязняў.