Right Livelihood выступіла ў ААН з заявай наконт знішчэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі
Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, на 54-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе арганізацыя Right Livelihood выступіла з заявай аб рэпрэсіях у адносінах да праваабаронцаў у Беларусі, якія супрацоўнічаюць з ААН. У дакладзе Генеральнага сакратара ААН гаворка ідзе пра тое, што павялічылася колькасць законаў, накіраваных на абмежаванне дзейнасці грамадзянскай супольнасці, ды ўзмацнілася анлайн і афлайн назіранне за праваабаронцамі.
“У святле гэтых тэндэнцый мы папярэдзілі Савет аб сітуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі, дзе актывісты церпяць ад сістэматычных рэпрэсій, законаў, накіраваных супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці, і адвольнага турэмнага зняволення”, – заяўляе Right Livelihood.
У дакладзе нагадваецца пра тое, што праваабарончы цэнтр “Вясна”, які з яе старшынём Алесем Бяляцкім атрымалі ў 2020 годзе прэмію Right Livelihood “За годны лад жыцця”, пацярпеў ад рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. Актывістаў, якія былі вымушаныя збегчы з краіны, цяпер дазволена судзіць завочна і пазбаўляць грамадзянства. Рэпрэсіўныя законы Беларусі практычна поўнасцю знішчылі грамадзянскую супольнасць. У жніўні 2023 года “Вясну” прызналі “экстрэмісцкім фармаваннем”, што аблегчыла ўладам пераслед асоб, звязаных з гэтай арганізацыяй.
“Як ААН і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі маглі б лепей рэагаваць на гэтыя тэндэнцыі і зніжаць рызыкі для праваабаронцаў, якія ўзаемадзейнічаюць з імі?”, – Right Livelihood задае пытанне старшыні Савета ААН па правах чалавека.