Рэпрэсіі ў Акадэміі Навук: навукоўцы чытаюць адно аднаму лекцыі ў турме
Падчас “аблавы” ў Акадэміі навук у пачатку лістапада сілавікі затрымалі мінімум 44 супрацоўнікаў. На некаторых завялі крымінальныя справы. Цяпер усіх затрыманых звальняюць з Акадэміі.
Сярод затрыманых – доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля. Іх абвінавачваюць «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх», гэта самы распаўсюджаны “пратэстны” артыкул. Нагодай для затрымання стаў фатаздымак з пратэстным плакатам, зроблены ў 2020 годзе. Алег Давыдзенка быў сярод тых, хто падпісаў ліст навукоўцаў супраць гвалту ў краіне пасля выбараў і выйшаў з афіцыйнага прафсаюза. Прафесару 71 год, ён працаваў у Інстытуце генэтыкі і цыталогіі Нацыянальнай Акадэміі навук. Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, а таксама вывеў 19 сартоў раслін. Двойчы атрымліваў прэмію Нацыянальнай Акадэміі навук.
Таксама быў затрыманы, але выйшаў, адсядзеўшы на 10 содняў, вядомы мовазнаўца Сяргей Гаранін, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ён даследуе мемуарную і паломніцкую літаратуру Вялікага Княства Літоўскага.
Выйшаўшы з турмы Гаранін напісаў у Фэйсбуку, што прачытаў для сукамернікаў “курс лекцый па беларускай літаратуры XI–XV стагоддзяў у поўным аб’ёме. Колькасць слухачоў вагалася ад 31 да 18 у 6-меснай камеры”. А таксама праслухаў лекцыі па самых розных тэмах: квантавай механіцы, афтальмалагічных захворваннях і нават гісторыі сіцылійскай мафіі. Навуковец сведчыць, што аднаго з сукамернікаў пры затрыманні збілі так, што ён мог ляжаць толькі на жываце. “Тым, хто памятае Савецкі Саюз, псіхалагічна лягчэй: мы, у адрозненне ад моладзі, не здзіўляемся, што ‘к людям можно вот так относиться’, мы нічога не чакаем, ні на што спадзяемся і ні ў ва што не верым”, – зазначае Сяргей Гаранін.