Расейка Соф’я Сапега асуджаная на шэсць гадоў зняволення
Беларускі рэжым асудзіў расіянку Соф’ю Сапегу на шэсць гадоў зняволення. Яе арыштавалі разам з журналістам Раманам Пратасевічам у маі 2021 года пасля прымусовай пасадкі рэйса Ryanair у Мінску. Вялікая колькасць краін, у тым ліку дзяржавы Еўрасаюза, увялі жорсткія санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам, які назвалі «наўмысным парушэннем усіх міжнародных авіяцыйных правілаў».
Пасля затрымання 24-гадовая студэнтка пагадзілася на супрацоўніцтва са следствам, а таксама напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. 25 траўня 2021 года дзяржаўныя каналы паказалі відэа, на якім Сапега пацвярджае, што яна была рэдактарам канала “Чорнай кнігі Беларусі”, у якім публікаваліся асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Іншых доказаў яе ўдзелу ў праекце няма. Падобныя здымкі – распаўсюджаная тактыка беларускіх сілавікоў. З дапамогай ціску і фізічнага гвалту арыштаваных вымушаюць даваць патрэбныя паказанні.
Справа Сапегі разглядалася ў закрытым рэжыме. Сярод прад’яўленых ёй абвінавачанняў – распальванне сацыяльнай варожасці, пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў унутраных спраў і перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналіста. З чэрвеня мінулага гады дзяўчына знаходзілася ў Лідзе пад хатнім арыштам, а адбываць пакаранне яна будзе ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля абвяшчэння прысуду расіянку ўзялі пад варту ў зале суда і адправілі ў СІЗА.
Акрамя гэтага, Сапега абавязана выплаціць кампенсацыі пацярпелым і судовую пошліну на агульную суму, эквівалентную 50 тысячам долараў. Паводле словаў крыніцы Расейскай службы Бі-бі-сі, калі Лукашэнка не памілуе Соф’ю Сапегу, яна папросіць адправіць яе ў Расію для адбывання пакарання.