Раман Пратасевіч: прэс-канферэнцыя пад прымусам
Сёння адбыўся афіцыйны брыфінг, прысвечаны згону самалёта Ryanair ў Беларусі. Яго ладзіла МЗС Беларусі. На прэс-канферэнцыю адмыслова запрасілі прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Нечакана на мерапрыемства прывялі Рамана Пратасевіча. Пасля пачатку яго выступлення каля паловы дыпламатаў і некаторыя замежныя журналісты ўсталі і сышлі з брыфінгу.
Журналіст ВВС Jonah Fisher таксама сышоў з брыфінгу і заявіў, што не збіраецца ўдзельнічаць у ім, паколькі Раман Пратасевіч знаходзіцца там пад прымусам.
Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала размова затрыманага Рамана Пратасевіча і журналісткі БелаПАН Таццяны Каравянковай. Пасля некалькіх пытанняў Таццяны Раман задаў сваё пытанне – пацікавіўся ў журналістаў у залі, ці вераць яны яго словам. Таццяна была адзінай, хто адказаў Пратасевічу: «Мне цяжка ўявіць, што вы перажылі за апошнія тыдні. Я шчыра вам спачуваю. Вам таксама шчыра спачуваюць многія людзі ў Беларусі і многія вашыя калегі. Усяму, што вы кажаце, я не веру. Бо ўяўляю, што з вамі маглі зрабіць. Проста трымайцеся і перажывіце гэта».
У краіне, дзе за іншадумства пагражае турэмнае зняволенне, гэта вельмі мужны ўчынак журналісткі.