Праграмісту прысудзілі восем гадоў за стварэнне аплікацыі BelScan
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», палітзняволены праграміст Арцём Мазанік, які ў 2020 годзе стварыў мабільны дадатак BelScan з асабістымі дадзенымі сілавікоў і чыноўнікаў, асуджаны на 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Удакладнім, што BelScan уяўляе сабой прыкладанне для сканавання штрых-кодаў прадуктаў. Згодна з распрацоўшчыкамі, з яго дапамогай можна «хутка праверыць чалавека на наяўнасць яго ў спісах супрацоўнікаў МУС, АМАП, несумленных чыноўнікаў, журналістаў і прадпрымальнікаў», выявіць тавары, кампаніі-вытворцы якіх належаць праўладным бізнесменам, і такім чынам «паменшыць фінансаванне катаванняў і парушэнняў правоў чалавека».
Першапачаткова Арцём быў затрыманы за ўдзел у дзвюх акцыях пратэсту. На «пакаянным» роліку МУС, паказаным пасля затрымання, сілавікі дэманстравалі скрыны і фрагменты перапісак, а таксама згадвалі BelScan. Пасля хлопца абвінавацілі ў незаконным зборы і распаўсюджванні персанальных даных, закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, а таксама ў дапамозе распальванню варожасці. У выніку 30 верасня суд прыгаварыў Арцёма Мазаніка да васьмі гадоў зняволення.