Петыцыі беларусаў супраць вайны ва Украіне
Расія працягвае выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. Згодна з даследаваннямі Chatham House, толькі 3% беларусаў падтрымліваюць удзел Беларусі ў вайне на баку Расіі. Петыцыі – адна з форм пратэсту, якія выкарыстоўваюць беларусы. «Вясна» склала агляд беларускіх петыцый.
Петыцыя з назвай «Беларусы супраць вайны Пуціна і Лукашэнкі з Украінай», адрасатам якой з’яўляецца Міжнародны Суд ААН у Гаазе, з’явілася на сайце change.org. У петыцыі заклікаюць расейскіх і беларускіх вайскоўцаў адмовіцца выконваць злачынныя загады дыктатараў. Пад петыцыяй падпісаліся больш за 2000 чалавек.
Петыцыя «Патрабуем вываду войскаў Расійскай Федэрацыі з Рэспублікі Беларусь» адрасавана беларускаму рэжыму. Пад ёй падпісаліся больш за 4700 чалавек.
Петыцыя «За адмену святкавання Дня народнага адзінства» заклікае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пазбавць 17 верасня статуса дзяржаўнага свята.
На сайце change.org маці з Беларусі, Украіны і Расіі патрабуюць спыніць вайну з дапамогай петыцыі «#МаціСупрацьВайны».
Аўтары «Петыцыі супраць абвінавачання грамадзянаў Беларусі ў саўдзеле ў расійскай агрэсіі ва Украіне» заклікаюць лідэраў ЕС, прэзідэнта Украіны і адміністрацыі прэзідэнтаў ЗША і Грузіі не дыскрымінаваць беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, а прызнаць барацьбітоў з рэжымам яго ахвярамі.
Беларускія адвакаты і юрысты стварылі адкрыты зварот «Адвакаты і юрысты супраць вайны ва Украіне» з заклікам неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Некаторыя юрысты, што падпісалі зварот, зазналі ціск на працы.
Аўтары петыцыі «Ці лякуюць параненых расейскіх салдатаў у шпіталях Беларусі?» на petitions.by просяць Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь патлумачыць, ці аказваюць параненым расейскім вайскоўцам медыцынскую дапамогу на тэрыторыі Беларусі і на якіх фінансавых умовах.
«Просім рускую і украінскую праваслаўныя цэрквы і Папу Францыска пасадзейнічаць міру!» — з такой просьбай аўтары петыцыі звяртаюцца да святароў.