Ператрусы і арышты супрацоўнікаў незалежнага інфармагенцтва БелаПАН
18 жніўня ў офісе, у пяці цяперашніх супрацоўнікаў і ў аднаго экс-супрацоўніка агенцтва БелаПАН прайшлі ператрусы.
У выніку галоўная рэдактарка Ірына Леўшына, бухгалтарка Кацярына Боева, былы дырэктар БелаПАН Дзмітры Наважылаў змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна. Астатніх пасля ператрусаў і допытаў адпусцілі.
Сілавікі канфіскавалі рэдакцыйныя серверы, сайты агенцтва БелаПАН не працуюць, але працягвае працу партал naviny.online і тэлеграм @navinyonline.
Следчы Камітэт паведаміў, што супрацоўнікі БелаПАН затрыманыя «па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак)». З імі праводзяць следчыя дзеянні. Таксама следства ініцыявала падатковую праверку дзейнасці БелаПАН.
БелаПАН выступіў з заявай у сувязі з затрыманнямі сваіх супрацоўнікаў: «БелаПАН расцэньвае тое, што адбываецца, як працяг палітыкі падаўлення свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых калег, а таксама ўсіх журналістаў, што знаходзяцца ў зняволенні».
Рэдакцыя паведаміла, што частка супрацоўнікаў знаходзіцца ў бяспецы за межамі Беларусі і працягне працу, каб забяспечваць падпісчыкаў і чытачоў аператыўнай і дакладнай інфармацыяй.
БелаПАН – незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1991 года. З таго часу ўлады неаднаразова праводзілі шматлікія праверкі і ператрусы ў кампаніі, ўзбуджалі крымінальныя справы супраць супрацоўнікаў, кідалі журналістаў за краты і блакавалі сайт Naviny.by.